§ 7. Выкарыстанне лагічных аперацый для пабудовы пошукавых запытаў у Інтэрнэце

7.1. Пошук інфармацыі

У сучаснае стагоддзе інфармацыйных тэхналогій людзі выкарыстоўваюць для пошуку інфармацыі сэрвісы Інтэрнэту. Пошукавыя сістэмы ўвесь час збіраюць, сістэматызуюць і захоўваюць інфармацыю па ўсім свеце. Пошук інфармацыі ў пошукавай сістэме ажыццяўляецца па запыце.

запытам у пошукавай сістэме разумеюць набор слоў, фраз, сімвалаў, якія карыстальнік уводзіць у радок пошуку, каб знайсці інфармацыю, што цікавіць яго.

Сучасныя пошукавыя сістэмы дазваляюць ажыццяўляць пошук па галасавых запытах ці выкарыстоўваць у якасці запыту выяву.

Вынікам пошуку з’яўляецца пералік сайтаў (прыклад 7.1 i прыклад 7.2). Колькасць зной-
дзеных сайтаў можа быць вельмі вялікай, і прагледзець іх усе часта немагчыма. На практыцы карыстальнікі Інтэрнэту звычайна праглядаюць 5—15 сайтаў, знойдзеных першымі.

Выніковасць пошуку ў значнай ступені залежыць ад умення карыстальніка карэктна сфармуляваць пошукавы запыт. Граматная фармулёўка фразы ці выбар слоў для пошуку дазволяць атрымаць больш дакладны вынік.

7.2. Скарачэнне вобласці пошуку

Для кожнага з сайтаў, знойдзеных у выніку пошукавага запыту, будзе праўдзівым наступнае выказванне: «На старонцы сайта прысутнічае інфармацыя, якая адпавядае пошукаваму запыту». Усе такія сайты ўтвараюць мноства сайтаў, што задавальняюць пошукавы запыт.

Пры пабудове пошукавага запыту некаторыя сайты можна выключыць з разгляду. Для гэтага да асноўнага запыту дадаецца слова са знакам мінус («-») перад ім. Сайты, якія змяшчаюць словы, адзначаныя гэтым знакам, не будуць уключаны ў спіс знойдзеных (прыклады 7.3 і 7.4).

Атрыманы пералік сайтаў утварае падмноства мноства сайтаў, што задавальняюць асноўны запыт. Для ўсіх такіх сайтаў выказванне «На старонцы сайта прысутнічае інфармацыя, якая адпавядае слову, адзначанаму знакам “-”» будзе ўспрымацца пошукавай сістэмай як непраўдзівае.

7.3. Выкарыстанне аператараў у пошукавых запытах

Аператары пошуку — словы або сімвалы, якія дадаюцца да пошукавых запытаў для ўдакладнення вынікаў.

Аператар «+» дазваляе ажыццяўляць пошук дакументаў, дзе абавязкова прысутнічае слова, што стаіць за сімвалам. Дапушчальна выкарыстоўваць некалькі аператараў «+» у адным запыце (прыклад 7.5).

Аператар «-» мы разгледзелі ў папярэднім пункце параграфа.

Аператар «*» замяняе любое невядомае слова ў запыце (прыклад 7.6).

Калі змясціць словы ці фразу ў двукоссе, то ў выніках пошуку будуць паказаны толькі тыя старонкі, на якіх гэтыя словы (фразы) размешчаны ў тым жа парадку, што і ў запыце ў двукоссі. Двукоссе выкарыстоўваецца тады, калі неабходна знайсці дакладнае слова ці фразу, цытату.

Аператары, што разглядаюцца далей, маюць розныя абазначэнні для розных пошукавых сістэм (напрыклад, для Google і Яндэкс).

Аператар OR (пошукавая сістэма Google) дазваляе знайсці старонкі, якія змяшчаюць хоць бы адно з некалькіх слоў, і адпавядае лагічнай аперацыі АБО (прыклад 7.7). Для пошукавай сістэмы Яндэкс аналагічны аператар абазначаецца |.

Некаторыя з аператараў могуць не мець аналагаў у іншых пошукавых сістэмах. Аператар & пошукавай сістэмы Яндэкс ажыццяўляе пошук дакументаў, у якіх словы запыту, аб’яднаныя дадзеным аператарам, сустракаюцца ў адным сказе.

Пры пошуку інфармацыі ў Інтэрнэце важныя паўната, дакладнасць і актуальнасць атрыманых вынікаў. Карыстальнік можа паўплываць на якасць вынікаў пошуку, калі будзе:

  • прадумана выбіраць пошукавую службу;
  • улічваць асаблівасці пошукавай сістэмы;
  • граматна фармуляваць запыты на пошук інфармацыі.
Прыклад 7.1. Знойдзем інфармацыю пра сюжэты пячорных роспісаў.

У выніку пошуку знойдзена больш за 160 тыс. сайтаў, якія змяшчаюць шуканую інфармацыю.

Прыклад 7.2 . Знойдзем інфармацыю пра Скандынаўскія горы.

У выніку пошуку знойдзена 160 тыс. сайтаў. Можна перайсці ў раздзел «Карцінкі»:

Прыклад 7.3. Знойдзем інфармацыю пра бактэрыі ў жыцці чалавека.

Знойдзена больш за 1 млн сайтаў. Калі нас не цікавяць бактэрыі, якія выклікаюць хваробы, то пошукавы запыт можна змяніць, дадаўшы ў канцы «-хваробы». Колькасць знойдзеных сайтаў скароціцца да 428 тыс.

Прыклад 7.4. Знойдзем значэнне паняцця «шчыт».

У выніку пошуку будзе знойдзена больш за 20 млн сайтаў, прычым на некалькіх першых старонках знаходзіцца інфармацыя пра серыялы, фільмы, магазіны.

Для ўдакладнення інфармацыі ўвядзём запыт «шчыт -магазін -серыял -зброя». У такім выпадку колькасць спасылак скароціцца да 7 млн 270 тыс.

Прыклад 7.5. Знойдзем сайты, дзе ёсць інфармацыя пра кожнага з пісьменнікаў: М. дэ Сервантэса, У. Шэкспіра і Ф. Рабле.

Прыклад 7.6. Складзём запыт для пошуку поўнай цытаты «Тучки … разгоняючи, Заря … подымается;». З якога яна твора? Хто яго аўтар?

Шматкроп’е ў пошукавым запыце заменім знакам *.

Як бачым, гэта цытата з твора М. Ю. Лермантава «Песня про царя Ивана Васильевича, молодого опричника и удалого купца Калашникова».

Прыклад 7.7. Знойдзем інфармацыю пра натрый ці калій.

Параўнаем вынікі запытаў «натрый калій» і «натрый OR калій».

Па першым запыце спачатку размешчаны спасылкі на сайты, якія змяшчаюць інфармацыю пра два хімічныя элементы, а затым — пра кожны з іх:

Па другім запыце спачатку размешчаны спасылкі на сайты пра асобныя элементы, а потым — агульная інфармацыя:



1. Што называецца запытам у пошукавай сістэме?





3. Якія аператары можна выкарыстоўваць у пошукавых запытах?



  1. Знайдзіце з дапамогай розных пошукавых сістэм інфармацыю пра бегавыя віды лёгкай атлетыкі. Запішыце вынікі ў табліцу (у сшытак або ў электронным выглядзе). Параўнайце атрыманыя вынікі.

    Пошукавая сістэма

    Колькасць
    вынікаў пошуку

  2. Знайдзіце з дапамогай пошукавай сістэмы выявы манет Вялікага Княства Літоўскага. Выпішыце ў сшытак 5—6 назваў манет.
  3. Сфармулюйце запыт па пошуку сюжэтаў пячорных роспісаў, які выключае роспісы храмаў.
  4. Складзіце запыт для пошуку поўнай цытаты «Старость боится… Жизнь я… куплю». Хто аўтар гэтай фразы? У якім творы яна сустракаецца?
  5. З дапамогай адпаведных пошукавых запытаў атрымайце адказ на пытанне: якая з падзей адбылася раней — адкрыццё Мендзялеевым перыядычнага закона ці вынаходства Эдысанам фанографа?
  6. Складзіце запыты на пошук назваў беларускіх азёр, выкарыстоўваючы інфармацыю з табліцы. Запішыце назвы знойдзеных азёр у сшытак.