20.1. Праграмы-архіватары
Для рацыянальнага захоўвання інфармацыі на камп’ютарных носьбітах выкарыстоўваюцца праграмы-архіватары, якія дазваляюць прадставіць інфармацыю ва ўпакаваным выглядзе.
Архівы ствараюць у наступных выпадках:
- неабходна стварыць рэзервовыя копіі найбольш важных файлаў;
- патрабуецца вызваліць месца на дыску;
- неабходна перадаць файлы па электроннай пошце;
- плануецца перанесці вялікую колькасць файлаў на іншы носьбіт;
- трэба ахоўваць інфармацыю ад несанкцыянаванага доступу —
запароліць яе.
Упакоўваць файлы і размяшчаць іх у спецыяльных архівах дазваляюць праграмы-архіватары. Архіўны файл (архіў) захоўвае ва ўпакаваным выглядзе іншыя файлы (адзін або некалькі), якія пры неабходнасці можна дастаць з архіва ў першапачатковай форме.
Праграмы-архіватары могуць выконваць наступныя функцыі:
- змяшчэнне зыходных файлаў у архіў;
- даставанне файлаў з архіва;
- выдаленне файлаў з архіва;
- прагляд зместу архіва;
- праверка архіва.
Памер архіва звычайна меншы за памер усіх файлаў, якія ў яго ўваходзяць. Для пераўтварэння інфармацыі праграмы-архіватары выкарыстоўваюць розныя алгарытмы, таму памеры архіваў, што змяшчаюць адны і тыя ж файлы, але створаны з дапамогай розных архіватараў, могуць адрознівацца.
Інфармацыя ў архіве захоўваецца ў закадзіраваным выглядзе, таму для прагляду змесціва архіўнага файла трэба выкарыстаць праграму-архіватар. Каб працаваць з файлам, яго неабходна дастаць з архіва. Робяць гэта, выкарыстоўваючы тую ж праграму, з дапамогай якой ствараўся архіў, або з дапамогай іншай праграмы, што распазнае дадзены тып архіва.
20.2. Стварэнне архіваў і даставанне файлаў з архіва
Сёння існуе вялікая колькасць праграм-архіватараў: WinRar, 7-Zip, WinZip і інш. (прыклад 20.1). Архіўныя файлы маюць расшырэнні, што адпавядаюць праграмам, з дапамогай якіх іх стваралі: .rar, .7z, .zip. Пры праглядзе спіса файлаў у Правадніку архіўныя файлы адзначаюцца значкамі (.rar),
(.7z),
(.zip).
Пры ўстаноўцы праграм-архіватараў дзеянні па стварэнні архіваў і па даставанні файлаў з архіва дабаўляюцца ў кантэкставае меню любога аб’екта файлавай сістэмы.
Для стварэння архіўнага файла неабходна:
- Адкрыць Праваднік.
- Вылучыць файлы.
- Пстрыкнуць правай клавішай мышы.
- Выбраць праграму-архіватар (прыклад 20.2).
- Выбраць адну з каманд:
a) «Добавить в архив (к архиву)»;
б) «Добавить в архив (к архиву)» з прапанаваным імем (прыклад 20.3).
Архіў з прапанаваным імем ствараецца ў той жа папцы. Калі выбрана каманда «Добавить в архив (к архиву)», то карыстальніку трэба задаць імя архіва і вызначыць папку, у якой ён будзе захоўвацца.
Для даставання файлаў з архіва трэба:
- Адкрыць Праваднік.
- Выбраць архіўны файл.
- Пстрыкнуць правай клавішай мышы.
- Выбраць адну з каманд:
a) «извлечь в текущую папку (Распаковать здесь)»;
б) «извлечь файлы… (Распаковать)» (прыклад 20.4).
Пры выбары каманды «Извлечь в текущую папку (Распаковать здесь)» файлы з архіва будуць змешчаны ў тую ж папку, у якой знаходзіўся архіў. Пры выбары каманды «Извлечь файлы… (Распаковать)» карыстальнік павінен вызначыць імя папкі, у якую дастануцца файлы.
У 40-х гг. ХХ ст. вучоныя, якія працавалі ў галіне інфармацыйных тэхналогій, прыйшлі да высновы, што можна распрацаваць такі спосаб захоўвання даных, пры якім прастора для захоўвання будзе расходавацца больш эканомна. Аднымі з першых алгарытмаў па сцісканні даных з’яўляюцца алгарытмы Шэнана — Фано і Хафмана. Клод Элвуд Шэнан (1916—2001) — амерыканскі інжынер і матэматык, заснавальнік тэорыі інфармацыі. Большасць базавых паняццяў тэорыі сціскання інфармацыі была распрацавана Клодам Шэнанам. Роберт Марыа Фано (1917—2016) — італьянска-амерыканскі вучоны, вядомы працамі ў галіне тэорыі інфармацыі. Ён незалежна ад Клода Шэнана вынайшаў алгарытм сціскання інфармацыі. Дэвід Хафман (1925—1999) распрацаваў метад пабудовы мінімальна-залішніх кодаў. Вучоны ўнёс важны ўклад у інфарматыку і ў мноства іншых галін ведаў (па большай частцы ў электроніку). У 1952 г. стварыў алгарытм кадзіравання, вядомы як алгарытм, або код, Хафмана. |
Прыклад 20.1.
Прыклад 20.2. Кантэкставае меню з выбарам архіватара: Прыклад 20.3. Каманды меню архіватара па дабаўленні файлаў у архіў: Архіватар WinRar Архіватар 7-Zip Прыклад 20.4. Каманды меню па даставанні файлаў з архіва: Архіватар WinRar Архіватар 7-Zip |