§ 1. Інфармацыя ў жыцці чалавека

1.1. Віды інфармацыі

Кожны з нас не раз чуў слова «інфармацыя». Інфармацыю мы атрымліваем з кніг і газет, з Інтэрнэту, ад людзей, з якімі маем зносіны. А што ж азначае дадзенае паняцце?

Інфармацыя — звесткі пра прадметы, падзеі, з’явы і працэсы навакольнага свету.
Вялікая частка звестак, на аснове якіх фарміруецца ўяўленне чалавека пра свет, паступае да яго дзякуючы органам пачуццяў. Наяўнасць зроку, слыху, дотыку,
смаку і нюху дазваляе нам атрымліваць веды пра навакольную рэчаіснасць. У залежнасці ад таго, з дапамогай якіх органаў пачуццяў інфармацыя паступіла да чалавека, яе класіфікуюць паводле спосабу ўспрымання (прыклад 1.1).

Візуальная інфармацыя ўспрымаецца органамі зроку (вачамі), якія адрозніваюць форму, аб’ём, колер, перамяшчэнне і змяненне аб’ектаў.

Органы слыху (вушы) успрымаюць гукавую інфармацыю. З іх дапамогай можна распазнаваць гукі, адрозніваць іх тэмбр, вышыню, рытм.

Тактыльная інфармацыя звязана з органамі дотыку, якія дазваляюць навобмацак вызначыць характар паверхні, яе тэмпературу, адчуць дакрананне.

З дапамогай органаў смаку чалавек атрымлівае смакавую інфармацыю пра ежу: горкая, салодкая, кіслая, салёная.

Орган нюху (нос) успрымае і распазнае інфармацыю пра пахі.

Існуе таксама класіфікацыя інфармацыі паводле формы ўяўлення (прыклад 1.2).

Графічная інфармацыя — звесткі ў выглядзе рысункаў, схем, фатаграфій.

Тэкставая інфармацыя — звесткі ў выглядзе спецыяльных сімвалаў (літар розных алфавітаў; іерогліфаў, з дапамогай якіх запісваюць асобныя склады або словы).

Лікавая (лічбавая) інфармацыя — звесткі, якія адлюстроўваюць колькасную меру аб’ектаў і іх уласцівасцей з дапамогай лікаў і лічбаў.

Гукавая інфармацыя — звесткі ў выглядзе гукаў.

Існуюць і камбінаваныя віды інфармацыі — відэаінфармацыя і мультымедыйная інфармацыя.

Адзін і той жа від інфармацыі можа паступаць і захоўвацца ў рознай форме. Напрыклад, музычны твор можа захоўвацца ў выглядзе аўдыя- або нотнага запісу.

Для пераўтварэння інфармацыі з аднаго фармату ў іншы выкарыстоўваюцца розныя алгарытмы і ўстройствы.

 

1.2. Носьбіты інфармацыі

Для запісу, захоўвання і счытвання інфармацыі выкарыстоўваюцца носьбіты інфармацыі. У старажытнасці чалавек захоўваў важныя звесткі толькі ва ўласнай памяці, г. зн. памяць чалавека з’яўляецца натуральным носьбітам інфармацыі. Патрэба запамінаць і захоўваць аб’ёмы інфармацыі, якія ўвесь час узрастаюць, прывяла да выкарыстання і стварэння розных матэрыялаў і ўстройстваў.

Да носьбітаў інфармацыі належаць папера, кніга, фатаграфія, аптычныя дыскі, флэш-памяць і інш. (прыклады 1.3 і 1.4). Для апрацоўкі, захоўвання і распаўсюджвання інфармацыі будуюць спецыяльныя будынкі — дата-цэнтры.

 

1.3. Інфармацыйныя працэсы

У паўсядзённым жыцці мы запісваем, запамінаем і счытваем атрыманую інфармацыю. Чалавек можа падзяліцца вядомай яму інфармацыяй з іншымі людзьмі. Акрамя таго, на аснове апрацоўкі ўжо наяўнай інфармацыі можна ствараць новую.

Любая дзейнасць чалавека, звязаная з інфармацыяй, з’яўляецца інфармацыйным працэсам. Адрозніваюць наступныя інфармацыйныя працэсы: захоўванне, перадача, апрацоўка, пошук інфармацыі (прыклад 1.5).

Людзі захоўваюць інфармацыю або ва ўласнай памяці, або на якіх-небудзь знешніх носьбітах (прыклад 1.6). Часам чалавек забывае інфармацыю, а інфармацыя на знешніх носьбітах можа захоўвацца доўга і быць даступная розным людзям.

Перадача інфармацыі адбываецца, да прыкладу, пры размове двух людзей, пры чытанні кнігі або часопіса, пры праглядзе старонак у сетцы Інтэрнэт і інш.

У працэсе перадачы заўсёды ўдзельнічаюць два бакі: крыніца і прыёмнік. Перадача інфармацыі адбываецца праз канал сувязі: гукавыя хвалі пры непасрэднай размове, паслугі паштовага сэрвісу пры перапісцы, сотавая сувязь пры размове па мабільным тэлефоне (прыклад 1.7).

У выніку змянення зместу ці формы ўяўлення інфармацыі адбываецца яе апрацоўка (прыклад 1.8).

Змест інфармацыі можа змяніцца ў выніку вылічальных дзеянняў, дапусцім, пры рашэнні любой матэматычнай задачы, ураўнення (прыклад 1.9). Працэс разважанняў чалавека таксама можа прыводзіць да з’яўлення новай інфармацыі. Новая інфармацыя ўзнікае пры даследаванні з’яў прыроды, фізічных працэсаў і інш.

Форма ўяўлення інфармацыі змяняецца пры маляванні карцін па тэкставым апісанні або пры апісанні сюжэта відэафільма ў выглядзе артыкула ў часопісе, пры перакладзе тэксту з адной мовы на іншую (прыклад 1.10) і г. д.

Калі чалавеку неабходна знайсці звесткі, якія яго цікавяць, то ён ажыццяўляе пошук інфармацыі. Для пошуку патрэбнай інфармацыі выкарыстоўваюцца разнастайныя спосабы і метады: чытанне энцыклапедый, слоўнікаў, кніг і часопісаў, прагляд відэафільмаў і тэлевізійных перадач, пошук у сетцы Інтэрнэт (прыклад 1.11) і г. д..

Паняцце «інфармацыя» мае мноства азначэнняў.

Савецкі вучоны ў галіне агульнай механікі і прыкладной матэматыкі акадэмік М.  М.  Майсееў (1917—2000) лічыў, што «з прычыны шырыні гэтага паняцця няма і не можа быць строгага і досыць універсальнага азначэння інфармацыі».

Норберт Вінэр (1894—1964), амерыканскі матэматык і філосаф, заснавальнік кібернетыкі і тэорыі штучнага інтэлекту, гаварыў: «Інфармацыя — гэта не матэрыя і не энергія, інфармацыя — гэта інфармацыя».

Прыклад 1.1

Прыклад 1.2

Акрамя класіфікацыі інфармацыі паводле спосабу ўспрымання і формы ўяўлення, існуюць таксама і іншыя класіфікацыі. Да прыкладу, паводле сферы ўзнікнення інфармацыю можна падзяліць на наступныя групы:

  •   механічная;
  •   біялагічная;
  •   сацыяльная.

Механічная інфармацыя адлюстроўвае працэсы і з’явы неадушаўлёнай прыроды.

Сфера ўзнікнення біялагічнай інфармацыі звязана з працэсамі жывёльнага і расліннага свету.

Сацыяльная інфармацыя адлюстроўвае працэсы чалавечага грамадства.

Прыклад 1.3.

Прыклады старажытных носьбітаў інфармацыі.

Прыклад 1.4. Камп’ютарныя носьбіты інфармацыі.

Прыклад 1.5.

Прыклад 1.6.

Прыклад 1.7. Перадача інфармацыі


Прыклад 1.8.


Прыклад 1.9.


Прыклад 1.10.


Прыклад 1.11.



1 Што разумеюць пад інфармацыяй?



2 Як можна класіфікаваць інфармацыю паводле спосабу яе ўспрымання чалавекам?



3 На якія віды падзяляюць інфармацыю паводле формы ўяўлення?



4 Выберыце са спіса носьбіты інфармацыі.



5 Якія інфармацыйныя працэсы выконвае чалавек?



1 Якія інфармацыйныя працэсы выконвае сямікласнік пры наступных відах дзейнасці?

1. Запіс у канспект матэрыялаў урока.

2. Вусны адказ ля дошкі.

3. Пераклад тэксту з рускай мовы на англійскую.

4. Падбор матэрыялаў для рэферата па гісторыі.

2 Прывядзіце прыклады прафесій, у якіх асноўная дзейнасць спецыяліста звязана з інфармацыяй.

3 Апішыце сітуацыі, у якіх вы можаце адыгрываць ролю крыніцы інфармацыі; прыёмніка інфармацыі. Якім каналам сувязі вы карыстаецеся пры гэтым?

4 Падрыхтуйце паведамленне на адну з наступных тэм:

1. «Старажытныя носьбіты інфармацыі».

2. «Электронныя носьбіты інфармацыі».

3*. «Дапоўненая рэальнасць як форма ўяўлення інфармацыі».