§ 19. Лакальная камп’ютарная сетка

§ 19. Лакальная камп’ютарная сетка

Жаданне перадаваць інфармацыю ад аднаго камп’ютара да іншага, забяспечыць карыстальнікам сумесны доступ да тэхнічных устройстваў, праграмнага забеспячэння і інфармацыйных рэсурсаў камп’ютараў выклікала неабходнасць аб’яднання камп’ютараў у адзіную сетку.

Камп’ютарная сетка — аб’яднанне камп’ютараў, якое забяспечвае сумеснае выкарыстанне сеткавых рэсурсаў.

Камп’ютары, размешчаныя на невялікіх адлегласцях, могуць быць аб’яднаны ў лакальную сетку. Гэта, як правіла, сетка адной арганізацыі, навучальнай установы і інш. (прыклад 19.1).

Паводле спосабу арганізацыі лакальныя камп’ютарныя сеткі падзяляюцца на аднарангавыя і сеткі з вылучаным серверам.

У аднарангавых сетках усе камп’ютары раўнапраўныя. Сетка з вылучаным серверам мае адзін высокапрадукцыйны камп’ютар, які кіруе работай усёй сеткі. Гэты камп’ютар называецца серверам. Ён дае магчымасць астатнім камп’ютарам сеткі, якія называюцца кліентамі, сумесна выкарыстоўваць яго рэсурсы і можа кіраваць іх работай.

Паводле спосабу падключэння камп’ютарныя сеткі могуць быць праваднымі і бесправаднымі.

Для арганізацыі работы камп’ютараў у лакальнай сетцы неабходна адпаведнае апаратнае (прыклад 19.2) і праграмнае забеспячэнне.

Праграмную падтрымку работы камп’ютараў у лакальнай сетцы выконвае аперацыйная сістэма.

Камп’ютары аб’ядноўваюць у сеткі для сумеснага выкарыстання сеткавых рэсурсаў. Сеткавымі рэсурсамі (рэсурсамі сеткі) камп’ютараў могуць з’яўляцца:

  1. 1) тэхнічныя ўстройствы (мадэмы, прынтары, дыскаводы і інш.);

  2. 2) праграмнае забеспячэнне (аперацыйныя сістэмы, розныя рэдактары і інш.);

  3. 3) інфармацыйныя рэсурсы (файлы з інфармацыяй).

Для доступу да сеткавых рэсурсаў часта бывае трэба ўвесці імя карыстальніка і пароль.

Карыстальнік, на камп’ютары якога знаходзіцца рэсурс (файл, дыск, папка, устройства), з’яўляецца яго ўладальнікам і мае поўны доступ да гэтага рэсурсу. Уладальнік рэсурсу можа дазволіць іншым карыстальнікам сеткі доступ да свайго дыска, папкі, файла.

Прагляд даступных сеткавых рэсурсаў ажыццяўляецца ў папцы Сетка. У ёй адлюстроўваюцца агульныя рэсурсы сеткі, да якой падключаны камп’ютар (камп’ютары, папкі, файлы, прынтары).

Найважнейшай характарыстыкай работы лакальнай сеткі з’яўляецца скорасць перадачы інфармацыі ў ёй — колькасць інфармацыі, якая перадаецца за адзінку часу. Скорасць перадачы інфармацыі па сетцы звычайна вымяраецца ў біт/с. (Разгледзьце рашэнне задачы ў прыкладзе 19.3)

Прыклад 19.1.

Схема лакальнай сеткі

Прыкладам лакальнай камп’ютарнай сеткі з’яўляецца сетка ў кабінеце інфарматыкі. Яна існуе для таго, каб навучэнцы маглі працаваць з аднымі і тымі ж інфармацыйнымі рэсурсамі і выкарыстоўваць агульны прынтар.

Прыклад 19.2. Да апаратнага забеспячэння работы лакальнай сеткі належаць сеткавыя платы (карты) і спецыяльны кабель. Сеткавымі платамі павінны быць аснашчаны ўсе камп’ютары сеткі. Яны прызначаны для прыёму і перадачы інфармацыі ў сетцы.

Сеткавая карта

Сеткавы кабель

Сеткавы порт

У бесправадных лакальных сетках выкарыстоўваецца пункт доступу, а на кожным камп’ютары павінна быць устаноўлена спецыяльная бесправадная сеткавая плата тыпу Wi-Fi.

Прыклад 19.3.

Вызначыце аб’ём файла камп’ютарнай прэзентацыі, калі перадача яго па сетцы адбываецца за 5 с пры скорасці 1  024  000 біт/с. Запішыце атрыманы вынік у кілабайтах.

Рашэнне

1 024 000 бiт/с · 5 с = (210 · 10· 5) бiт = 210 · (2· 54) бiт = 213 · 5бiт.

Перавядзём біты ў кілабайты:

1 байт = 8 бiт, або 2бiт;

1 Кбайт = 1024 байта, або 210 байт;

1 Кбайт = 2· 210 = 213 бiт;

(213 · 54) / 213 = 54 = 625 Кбайт.



1 Для чаго камп’ютары аб’ядноўваюць у сеткі?



2 Якая сетка называецца лакальнай?



3 Якія бываюць лакальныя сеткі?



4 Што можа быць сеткавым рэсурсам?



1 Вызначыце аб’ём відэафайла, калі перадача яго па сетцы доўжылася 1 мін 20 с пры скорасці 80 · 1020 біт/с. Запішыце атрыманы вынік у мегабайтах.
2 Вызначыце скорасць перадачы інфармацыі па сетцы, калі архіўны файл аб’ёмам 1,5 Гбайт перадаваўся 2 мін.