Дадатак

Акно інтэрфейсу Inkscape можна падзяліць на дзесяць асноўных абласцей:

Галоўнае меню

Змяшчае асноўныя функцыі работы з праграмай: работа з файламі; функцыі рэдагавання і прагляду; функцыі рэдактара работы з тэкстам, фільтрамі, аб’ектамі і контурамі. Уключае дадаткі і даведачную інфармацыю.

Панэль каманд

 

Змяшчае значкі-іконкі, якія выклікаюць пэўныя каманды. Гэтыя каманды таксама даступныя ў галоўным меню або па камбінацыі клавіш. Панэль каманд прызначана для лёгкага доступу да функцый рэдактара, якія найбольш выкарыстоўваюцца. З яе ў адзін клік можна адкрыць новы або існуючы дакумент, надрукаваць яго, загрузіць відарыс, адмяніць папярэднія каманды, маштабаваць, адкрыць дыялогавае акно для настройкі ўласцівасцей дакумента і г. д. Кожны значок пры навядзенні курсора мышы адлюстроўвае сваю функцыю з дапамогай падказак, якія пры гэтым усплываюць.

Калі ўсе значкі панэлі каманд не змяшчаюцца на экране, то доступ да іх можа быць ажыццёўлены праз кнопку з дзвюма стрэлачкамі ўнізе панэлі. У выніку пстрычкі па гэтай кнопцы ў выглядзе меню з’явяцца ўсе астатнія каманды панэлі, значкі якіх не змяшчаюцца на ёй.

Панэль інструментаў

Складаецца з вертыкальнага рада кнопак, размешчанага ў левай частцы акна рэдактара. Гэта асноўны элемент для работы ў вектарным рэдактары Inkscape. Ён змяшчае набор графічных інструментаў для стварэння і рэдагавання фігур.

У акне інструментаў прысутнічаюць:

  • інструменты, прызначаныя для работы з геаметрычнымі фігурамі;
  •  інструменты, прызначаныя для свабоднай трансфармацыі фігур і ліній;
  • інструменты, прызначаныя для работы з тэкстам;
  • інструменты, прызначаныя для работы з колерам (заліўка і градыенты).

 

Кантэкставая панэль кіравання

У залежнасці ад таго, які інструмент выбраны ў акне інструментаў, выгляд кантэкставай панэлі змяняецца. У ёй адлюстроўваюцца настройкі і параметры актыўнага інструмента. У залежнасці ад сітуацыі змяненне гэтых параметраў можа адразу паўплываць на выбраны аб’ект. Пры выкарыстанні інструментаў  вярнуцца да зыходных параметраў можна з дапамогай кнопкі  кантэкставай панэлі гэтых інструментаў.

Палатно

Палатно, або канва, з’яўляецца галоўнай рабочай вобласцю праграмы. Гэта асноўная частка інтэрфейсу, паколькі менавіта тут карыстальнік стварае і рэдагуе рысункі. Размешчана палатно пасярэдзіне акна праграмы і падобна да відарыса чыстага белага ліста паперы.

Нягледзячы на тое што межы адлюстраванай на палатне старонкі вызначаюць межы відарыса для друку або захоўвання, пры рысаванні памер старонкі зусім не абмяжоўвае вобласць для відарыса. Вы можаце зрабіць межы старонкі і цені гэтых меж нябачнымі. Настроіць бачнасць меж старонкі можна ва ўласцівасцях дакумента.

Разметка, лінейкі, накіравальныя і сеткі

Лінейка разметкі размешчана ўверсе і злева ад палатна. Дзяленні лінейкі разметкі вызначаюць адлегласці ў некаторых
адзінках (па змаўчанні ў пікселях). Змяніць настройку адзінак вымярэння можна ва ўласцівасцях дакумента (Файл -> Свойства документа).

Калі паказальнік мышы знаходзіцца над палатном, на лінейцы з’яўляюцца два чорныя трохвугольнікі, якія адлюстроўваюць каардынаты курсора адносна ніжняга левага вугла старонкі. Гэтыя каардынаты X і Y можна ўбачыць у радку стану (у ніжнім правым вугле акна праграмы), побач з параметрам маштабу Z.

Камбінацыя клавіш Ctrl + R дазваляе схаваць або адлюстраваць лінейкі разметкі. Таксама гэта можна зрабіць у галоўным меню Вид -> Показать или скрыть -> Линейки.

Накіравальныя ствараюцца ў Inkscape карыстальнікам для палягчэння рысавання або для пабудовы фігур. Накіравальныя дазваляюць устанавіць становішча некаторых інструментаў дакладна па іх. Ужыванне накіравальных палягчае карыстальнікам выраўноўванне аб’ектаў, якія ствараюцца з дапамогай мышы. Каб устанавіць накіравальныя, пстрыкніце паказальнікам мышы на гарызантальнай або вертыкальнай лінейцы і, утрымліваючы кнопку мышы націснутай, перацягніце накіравальную, што з’явілася, у той пункт палатна, дзе яна павінна быць, пасля гэтага адпусціце кнопку мышы. З дапамогай гарызантальнай лінейкі ствараюцца гарызантальныя накіравальныя, з дапамогай вертыкальнай — верты-
кальныя.

Сетка можа аказацца карыснай, каб не выкарыстоўваць вялікую колькасць накіравальных. Адлюстраваць сетку можна з дапамогай галоўнага меню Вид -> Сетка.

Панэль параметраў прыліпання

Панэль параметраў прыліпання дазваляе лёгка наладзіць параметры прыліпання аб’екта. Функцыі гэтай панэлі зручныя для правільнага і дакладнага размяшчэння аб’ектаў. Панэль параметраў прыліпання размешчана вертыкальна па правым краі рабочай вобласці акна.

Палітра колераў

Забяспечвае хуткі доступ да колераў, яна ж дазваляе назначыць колеры для фігур. Адлюстроўваецца ў ніжняй частцы акна праграмы або можа быць адкрыта ў выглядзе асобнага акна Вид -> Образцы цветов або камбінацыя клавіш Shift + Ctrl + W.

Радок стану

Знаходзіцца ў самым нізе акна. Радок стану адлюстроўвае (злева направа):

  • колер заліўкі і абводкі аб’екта;
  • магчымасць хуткай работы са слаямі і пераключэння паміж імі;
  • вобласць паведамленняў;
  • індыкатар каардынат паказальніка мышы;
  • кіраванне маштабам.